ПАГЛЫНА́ЛЬНАЯ ЗДО́ЛЬНАСЦЬ ГЛЕ́БЫ,
уласцівасць глебы затрымліваць (паглынаць) рэчывы і цвёрдыя часцінкі, што перамяшчаюцца ў ёй. Мех. П.з.г. абумоўлена адфільтроўваннем у ёй ускаламучаных у вадзе часцінак, фіз. — адсорбцыяй рэчываў глебавага раствору на паверхні часцінак глебы, фізіка-хім. — эквівалентным абменам іонамі (пераважна катыёнамі) паміж цвёрдай ч. глебы і глебавым растворам (абменнае паглынанне) і ўкараненнем катыёнаў у крышт. рашотку глебавых мінералаў (неабменнае паглынанне), хім. — хім. узаемадзеяннем іонаў са злучэннямі глебы з утварэннем цяжка- і нерастваральных солей, што далучаюцца да цвёрдай ч. глебы, біял. — сорбцыяй рэчываў глебавымі мікраарганізмамі і каранямі раслін. Адыгрывае важную ролю ў выветрыванні горных парод, вышчалочванні глеб і інш. глебавых працэсах, значна ўплывае на ўрадлівасць глебы; улічваецца пры ўнясенні ўгнаенняў і хім. меліярацыі глеб.
т. 11, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)